Вторник, 19 Июнь 2018 09:52

Непадсудны ўзрост

Алена КАРАНЕЎСКАЯ

«Заўсёды пры грошах аблакаты і хілюры», – вучыла свайго сына бабуліна суседка цётка Яніна. Ні адвакатам, ні хірургам ейны Валодзька так і не стаў. Невядома, кім ён працуе і ці працуе наогул. Але кожны сезон прыязджае ў вёску ды збірае вёдрамі баравікі, іншыя далікатэсныя грыбы на продаж у горадзе. Такім чынам зарабляе. Не самы горшы варыянт, дарэчы, бо ёсць і зусім іншыя вынаходнікі лягчэйшага жыцця.


Жывуць у нашай вёсцы пераважна пенсіянеры, якія на дапамогу родных дзяцей альбо блізкіх сваякоў наўрад ці разлічваюць. Але ж усе ведаюць, да каго звярнуцца, каб пакалолі дровы, пакасілі траву, ускапалі ці прапалолі грады, адрамантавалі што-небудзь па гаспадарцы ці спілавалі старое дрэва. Пры гэтым нават лепш за спіс мясцовых калымшчыкаў вывучылі людзі і рэестр тых, хто працы прынцыпова цураецца, а выпіць гарэлкі нават не аматары, а прафесіяналы. Дый есці ж нешта трэба…

– Вось, глядзіце: тут жаўтком шыбіна замызганая. Пэўна, яек у кішэню напіхаў, ды як праз вакно назад вылазіў, адно і лэснула, – не горш за міс Марпл аднавіла карціну начнога набегу на ейныя харчовыя прыпасы мая бабуля. – Я ўчора ўвечары дзве рыбіны купіла ў хлопцаў. Дык вось жа ж цяпер толькі адна засталася! Але хлусіць не буду: мне бóльшую пакінуў. Ён падчыстую ніколі ні ў кога не забірае. Дзеліцца, – зрабіла нечаканую выснову Несцераўна.

Гісторыю крадзяжоў на нашай «камчатцы» (так мясцовыя празвалі канец вуліцы Леніна з краю вёскі, дзе засталіся жыць амаль адны старыя) мы з маім сябрам і калегам Алегам Гаруновым слухалі яшчэ доўга. І абураліся, і здзіўляліся, і смяяліся. Імя таго злодзея для абрабаваных ім пенсіянераў сакрэтам не было: пры сустрэчы выказвалі яму крыўду, саромілі. Але ж ці то шкадавалі шалапута, ці то з-за менталітэту да ўчастковага міліцыянта ніхто з заявай ніводнага разу не звярнуўся. У большасці нават спачувалі мужыку: п’ець, не працуе, бацькоў з пенсіяй няма.

Ну не паміраць жа яму з галадухі?! 
Але не той характар быў у маёй Кацярыны Несцераўны, каб праглынуць такую абразу ад здаровага ды не старога яшчэ чалавека. Вырашыла яна з ім сам-насам разабрацца.

– Села ля вакна, чакаю, калі ён дадому пойдзе, – распавядала бабуля. – Гляджу – валачэцца ды і бачна, што выпіўшы. А я штакеціну загадзя ля варот паставіла, выскачыла – і па карку яму, па карку! «Што ж ты, – кажу, – паскуднік, робіш?! У каго ты крадзеш?!». Ён толькі галаву рукамі прыкрывае. Але ведае, што вінаваты, – нават не гаворыць нічога.

– Бабулька! Міленькая! А каб ён цябе штурхануў? Паляцела б ты юзам. Ці ўстала б на ногі самастойна…
– Устала б. Ды яшчэ і з камянюкай якой у руках, – гаворыць і ажно твар пачырванеў. – Ужо я б яму галаву размазгатала! 

– Ой, Несцераўна, а каб забілі вы гэтага чалавека выпадкова? Гэта ж суд, турма, – цікавіцца Алег.
– Яшчэ што! Мне 82 гады – хто мяне пасадзіць? – так шчыра здзівілася бабуля і так бліснулі яе вочы, што стала зразумела: яна настолькі была ўпэўнена ў бездакорнасці свайго плана помсты, што таму мужыку проста пашчасціла. Прыняў моўчкі пакаранне – застаўся жывы. 

Прочитано 796 раз
Оцените материал
(2 голосов)

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»