Пятница, 01 Июнь 2018 15:26

Святлана Сарока: «Шукаю гармонію ў чалавечых і дзелавых стасунках»

Ігар ГАНЧАРУК

У дырэктара Палаца культуры Маладзечна – юбілей!

Ушчыкніце мяне, але гэта так! Насамрэч у Святланы Рыгораўны да-а-лёка не тая дата, калі юбіляру зычаць адно здароўя ды дзякуюць, згадваючы мінулыя гады. Святлану Сароку ўвогуле нават цяжка ўявіць у гэтай самавітай ролі: столькі прыгожай маладосці і энергіі, апантанасці і адданасці любімай справе спалучаецца ў ёй з сапраўднай жаноцкай далікатнасцю і абаяльнасцю, паважлівым стаўленнем да людзей.
Ведаючы, што напярэдадні адметных дат людзі звычайна больш схільныя да шчырасцяў, мы вырашылі даведацца пра некаторыя жыццёвыя сакрэты Святланы Сарокі ад яе самой.

– Святлана Рыгораўна, без перабольшвання, на маю думку, вы – само ўвасаб­ленне паспяховай жанчыны ў нас, на Міншчыне, у Беларусі. Што вядзе да прызнання, на вашу думку?
– Не разлічвайце пачуць ад мяне на гэты конт нешта надта арыгінальнае. На мой погляд, усё ў жыцці заканамерна, усё мае свае прычыны і вынікі. Таму, каб атрымаць прызнанне, трэба стаць найперш сапраўдным прафесіяналам, калі хочаце – найлепшым сярод іх. Для гэтага, безумоўна, мала атрымаць профільную адукацыю. Трэба займацца самаўдасканальваннем. Доўгія гады старанна працаваць, працаваць і працаваць... Поспех не прыйдзе да таго, хто толькі бярэ. Трэба ўмець аддаваць, разумець, дзеля чаго жывеш. Служыць людзям і грамадству – менавіта ў гэтым бачу сваё прызванне. Такое стаўленне да жыцця надае яму той самы сэнс, без якога вельмі складана і, напэўна, немагчыма існаваць паўнавартасна.

– Як паспець усё, не пакрыўдзіць нікога і застацца самім сабой?
– У мяне тут адзін «сакрэт»: не надта выпадае лічыцца са сваім асабістым часам і інтарэсамі. Гэта, як ні парадаксальна, спрыяе таму, што пачуваеш сябе адносна камфортна з уласным «я». Стараюся быць шчырай. Заўсёды шукаю альтэрнатыўныя варыянты, гармонію ў чалавечых і дзелавых стасунках. Але, як кажуць, прынцыпамі не паступаюся.

Часам прыходзяць думкі, што варта было б неяк заняцца сабой, прысвяціць болей часу дому, блізкім людзям, адчуць радасць ад звычайных побытавых рэчаў. Каб усё неяк цякло спакваля, не спяшаючыся, напоўніцу. Ажно не! (Смяецца.) Не атрымліваецца. Дый не трэба, відаць!

– Галоўныя складнікі таго непараўнальнага адчування, якое мы называем шчасцем?
– Каханне! Якой бы моцнай і разумнай ні была жанчына, усёю сваёю душой яна імкнецца адчуць, што яе кахаюць.
Калі любы заўсёды побач! Любімы муж, надзейны і верны спадарожнік жыцця – адзін з ключавых, як вы кажаце, складнікаў шчасця. (Усміхаецца.) Кожная жанчына разу­мее, пра што я...

Добрая сям’я, дзеці! Жаночае шчасце – гэта найперш радасць мацярынства, без якога жыццё губляе сваю шматколернасць і тое асаблівае пачуццё сваёй высакароднай місіі.

Самарэалізацыя і поспех у дзелавой сферы! Але, каб ад­чуць сябе шчаслівай, займацца варта любімай справай.
Адзін разумны чалавек сказаў: «Знайдзіце справу па душы, і вам не давядзецца працаваць ніводнага дня ў жыцці». І як жа ён меў рацыю! (Смяецца.)
А, галоўнае, каб блізкія і родныя людзі былі жывыя і здаровыя! Вось гэта – найвялікшае шчасце, паверце.

– Перакананы, што некаторыя жанчыны ўсё ж крыху зайздросцяць вам. У вас цудоўная сям’я, праца. Вы ўрэшце вельмі хораша выглядаеце, з вялікім густам заўсёды апранутыя...
– Ніколі не звяртаю ўвагі на словы зайздроснікаў ці, крый божа, нядобразычліўцаў. Па адной простай прычыне: няма калі. Што б вы ні рабілі, як бы ні выглядалі, але калі ў вас гэта атрымліваецца добра, то, паверце, заўсёды знойдуцца зласліўцы. Дык ці варта губляць на іх час і сілы, што патрэбныя для справы? Галоўнае – верыць у сябе, свае моц і розум. Людзі разбяруцца, хто і чаго варты.

– Кажуць, мара – першы крок да мэты. Якім будзе ён, наступны, у вас?
– Роўна праз тыдзень у Маладзечне распачнецца Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Мару пра тое, што калі-небудзь ён стане галоўным музычным святам нашай краіны. І да гэтага мы ідзём крок за крокам – з кожным годам фестываль набывае моц і маштабнасць, прываблівае ўсё больш гледачоў.
(Усміхаецца.) У мяне ўвогуле з марамі адносіны своеасаблівыя: доўга ў аблоках не плаваю, а бяруся за справу адразу...

«Мінская праўда» шчыра віншуе дырэктара Палаца культуры Мала­дзечна, дэпутата абласнога Савета, старшыню абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлану Рыгораўну САРОКУ з юбілеем! Спа­дзяёмся на далейшае плённае супрацоўніцтва.

Прочитано 330 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Декабрь 2016 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
      1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31  

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»